Беларускім дзецям - беларускі алфавіт. Мы будзем рады, калі дадатак "Лемантар" зробіць камфортным навучанне чытанню для вашага беларускамоўнага дзіцёнка. А таксама мы спадзяемся, што наш дадатак можа быць карысным і для іншамоўных дзяцей.
Наша мэтавая аўдыторыя пакуль што не можа прачытаць гэты тэкст, таму мы звяртаемся да бацькоў.
З дапамогай "Лемантара" ваша дзіця хутка вывучыць літары беларускага алфавіта і зробіць першыя крокі да навучання чытанню. Мы ўлічылі ўсе асаблівасці беларускай мовы (дзеці пазнаёмяцца з дыграфамі дж і дз, а таксама апострафам; ёсць магчымасць вывучыць беларускую лацінку).
Дадатак "Лемантар" складаецца з некалькіх блокаў.
У першым - кожнай літары алфавіта адпавядае яе вымаўленне, яе назва і малюнак. Адразу ўводзяцца выявы вялікіх і маленькіх літар, каб дзеці ведалі, што А і а - гэта адна і тая ж літара. Мы лічым вельмі важным вывучаць не толькі назвы літар, але і тое, як яны вымаўляюцца (гэта важна для навучання складоваму чытанню). Карыстальнікі могуць выбіраць у наладках, што канкрэтна вывучаецца ў пэўны момант.
Каб зрабіць запамінанне літар займальным для дашкольнікаў, у другім блоку дадатка "Лемантар" ёсць гульня, дзе трэба знайсці літару, на якую пачынаецца слова. Дзеці атрымліваюць агучаны малюнак і выбіраюць правільны (ці няправільны) адказ з прапанаваных. Пры перапраходжанні гульні карткі мяняюцца, каб дзіця абапіралася не на маторную памяць, а на зрокавую. Такім чынам замацоўваюцца веды і робіцца крок да навучання чытанню.
"Лемантар" створаны камандай энтузіястаў (праграмісты, дызайнеры, педагогі). Мы будзем удзячны, калі вы напішаце водгук на "Лемантар", каб мы маглі зрабіць дадатак лепей.